Беларуская Электронная Бібліятэка
Са славенскай. Пераклад Ніла Гілевіча.
Поўня, гай, бяроз свячэнне,
коні белыя, як здані,
і на кожным з іх русалка
ля грудзей дзіця трымае.
А на вуснах песня ў кожнай —
калыханка-усыпанка:
"Спі-засні на ўлонні цёплым,
ненароджаны мой сынку!"
Толькі кволыя, слабыя,
ненароджаныя дзеці
плачуць жаласна, няўцешна:
малака няма ў русалкі…
Ой, мой любы! Там за морам
для каго пяеш — бог знае,
я ж за прасніцай хілюся
без кудзелі й вераценца…
Друкаваная версія: Далягляды, 1986. Мінск, 1986.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.