Беларуская Электронная Бібліятэка


ОТАН ЖУПАНЧЫЧ.

ЦІХА, МОЎЧКІ МЫ.

Са славенскай. Пераклад Ніла Гілевіча.

 

Ціха, моўчкі мы
ходзім з сваім шчасцем
між людзей,
і не ведае ніхто,
адчаго па самы край
сэрца мне напоўніў май.

Знаеш толькі ты,
знаю толькі я,
дый не знаеш ты,
дый не знаю я,
адчаго ўначы,
ад цябе йдучы,
рукі ўвысь цягну,
поўны ўвесь агню,
неспатольнага.
І чаму тады
я і з чортам рад
гаварыць, як брат.
І чаму тады
зоркі ўспыхваюць
нізка нада мной,
як буйныя ў росах ружы
нада мной…
Што такое ноч?
Ноч і смерць сама?
Я не знаю, мілая.
Што такое грэх?
Грэх і каянне?
Я не знаю, мілая.
Знаю толькі гэта шчасце,
і ў сваёй душы каханне,
і ўвесь божы свет прыгожы
навакол,
і буйныя ў росах ружы
над сабой…

 




Друкаваная версія: Далягляды, 1986. Мінск, 1986.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.