Беларуская Электронная Бібліятэка
Са славенскай. Пераклад Ніла Гілевіча.
Журботны посвіст
лакаматываў
грымотны пошчак
начных дыверсій,
ускрык апошні
герояў мужных,
крыві у жылах
бунтоўны смерч:
далёка дзесьці
у шыр-бязмежжы,
дзе змрок сцюдзёны,
дзе ў хмарах месяц
відаць ледзь-ледзь —
і блізка, блізка
ў гарачым сэрцы,
ад слёз набраклым,
дзе маюць месца
і боль і радасць,
прамень надзеі,
і жар кахання,
і жухласць лісця,
і тут жа — смерць.
Друкаваная версія: Далягляды, 1986. Мінск, 1986.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.