Беларуская Электронная Бібліятэка


ФЕДЭРЫКА ГАРСІЯ ЛОРКА.

ГАЗЕЛА ПРА КАХАННЕ АДЧАЮ.

З гішпанскай. Пераклад Рыгора Барадуліна.

 

Ноч свайго не пакідае жытла,
не спачувае жальбе,
каб ты не прыйшла,
каб не мог я прыйсці да цябе.

Ды я прыйду,
нават скарпіёнам сонца скроні выесць калі мне.

Ды прыйдзеш ты,
хоць вуснамі раз’едзенымі соллю ліўняў.

Дзень шкадуе святла,
не спачувае жальбе,
каб ты не прыйшла,
каб не мог я прыйсці да цябе.

Ды я прыйду,
Нават аддаўшы жабам на з’ядзенне маёй надзеі гваздзікі.

Ды прыйдзеш ты,
хоць з прадонных клаакаў змроку ўзнікнеш.

Ні дзень, ні ноч
не спачуваюць жальбе,
хаўруснічаюць у мане,
каб я памёр без цябе,
каб памерла ты без мяне.

 




Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.