Беларуская Электронная Бібліятэка
З гішпанскай. Пераклад Рыгора Барадуліна.
Голую бачыць цябе — прыгадаць цаліну,
што не крануў нават след капытоў,
без ценю былінкі, — чыстую форму адну,
мяжу недаступную для гадоў.
Голую бачыць цябо — зразумець ліўня шал,
што шукае кволыя сцёгны траў,
шал мора зліхаманенага, што гоніць аглухлы вал
і не знаходзіць, хто святло тваіх шчок украў.
У сховах альковаў кроў зазвініць у бядзе,
мечам пажадлівым з’явіцца з нематы,
сэрца жабіна ці фіялка дзе
стаілася, не дазнаешся ты.
Цела тваё — стычка зацятая каранёў,
вусны твае — світанне, згубленае ў смузе.
Пад цёплымі ружамі ў пасцелі сноў
стогнуць мёртвыя у чарзе.
Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.