Беларуская Электронная Бібліятэка
З гішпанскай. Пераклад Рыгора Барадуліна.
Давярай пунсовыя вусны,
о Зорка-цыганка, смела!
Яблык я надкушу спакусны
пад золатам сонца даспелы.
Вежа маўрытанская ў адзіноце
дрэмле ў аліўкавым вецці,
колеру тваёй сялянскай плоці,
я прысмакам мёду й дасвецця.
Аддаеш загарэлым целам
дзівосны частунак, што дораць
кветкі рэчышчам анямелым
і ветру — ясныя зоры.
Мне аддалася, скажы, чаго ты?
Даверыла таямніцу пазнання
сваёй лілеі і шэпт пяшчотпы
грудзей сваіх, поўных кахання?
Ці таму, што радасці мала?
(О, скруха майго блукання!)
Ці жыццё маё пашкадавала,
што звязала даўно ад спявання?
Як ты на мае прамяняла стогны
сцёгны, спатнелыя ад старання,
сялянскага Сан-Хрыстафора сцёгны,
прыгожа марудлівыя ў каханні?
Данаіда юрлівасці, ты са мною.
Багіня ўзаемнай даліны.
Пацалункі твае, як лета сухое,
пахнуць калоссем нявінна.
Вочы мае збянтэж на імгненне
песняй сваёй нечаканай,
на лузе ўрачыстай мантыяй ценю
хай ляжаць валасы з пашанай.
Крывавымі вуснамі неба абвуглі,
неба кахання люта
над плоццю даверлівай, смуглай,
над вечнай зоркай пакуты!
Тваімі палонены вачамі
андалузскі пегас мой,
і адляціць, несуцешны, ў адчаі,
калі яны пагаспуць.
Не пакахала б — любоў бы ўсё роўна
хоць бы за позірк злосны,
як жаўранак — дзень вандроўны
хаця б за росы.
Давярай пунсовыя вусны,
о Зорка-цыганка, смела!
Яблык я надкушу спакусны,
пакуль дзень белы.
Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.