Беларуская Электронная Бібліятэка
З гішпанскай. Пераклад Рыгора Барадуліна.
У кузню глянула поўня
з думачкай з нардаў настылых.
Глядзіць і глядзіць малое, —
пагляд адарваць не ў сілах.
Закінула поўня рукі,
ў паветры, што млела ў гудзе,
агаліла свае алавяныя
юрліва-нявінныя грудзі.
— Поўня, схавайся, поўня!
Прымчаць цыганы нечакана,
каралі, пярсцёнкі срэбныя
з сэрца твайго адчаканяць.
— Кінь, хлопчык, я лепш патанцую,
Прымчаць цыганы — нічога:
ты будзеш ляжаць на кавадле,
вачэй не расплюшчыш, нябога.
— Поўня, схавайся, поўня!
Капыты разбудзілі прастору.
— Кінь, хлопчык, не датыкайся
да белакрохкага ўбору!
Коннік б’е ў даліны бубен,
дружна капыты стукочуць.
На кавадле ў кузні - хлопчык
лёг і не расплюшчыць вочы.
Цыганы ўсе — сон і бронза.
У алівах шлях дадому,
Ганарлівыя паставы.
Вочы жмурацца ад стомы.
Плакала сава лясная.
Ай, рыдала! Чула поўнач.
За руку вяла па небе,
зводзіла малога поўня.
Кузня стыла ад праклёнаў,
цыганы лямантавалі,
уздыхаў гаротна вецер,
уздыхалі ў смутку далі.
Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.