Беларуская Электронная Бібліятэка
З гішпанскай. Пераклад Рыгора Барадуліна.
Каплічку,
чыстыя плыні
і векавыя алівы
маўкліва
лабатая, лысая строма
трымае.
Смаўжамі
ў плашчах сваіх людзі,
вулкі — ў тумане.
На вежах ссавелых,
на нерухомых
круцяцца, круцяцца флюгеры:
ім невядома
стома.
Туга мне адкажа хіба?
Пытаю,
ад адчаю
хілюся…
О дзе ты ўдавееш, сяліба,
у заплаканай Андалузіі?
Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.