Беларуская Электронная Бібліятэка
З польскай. Пераклад Вацлава Арэшкі.
Кожная нацыя мае свае гістарычныя міты. Міты пра тое, як быў створаны сусьвет і чалавек — ня проста чалавечая істота, а пэўнага племені, роду; пра тое, як народ атрымаў зямлю, а таксама ўменьні й мастацтвы; міты пра сваіх герояў — носьбітаў волі й ведаў. Бо гэта ня толькі багі альбо тытаны, але й постаці нацыянальнай гісторыі; у адных гэта Чынгісхан, Іван Жахлівы, Сувораў ці Паўлік Марозаў, у іншых — Робін Гуд, Жана Д’Арк, Джордж Вашынгтон ці Тадэвуш Касьцюшка. Нацыянальныя міты прыходзяць ня толькі з далёкае мінуўшчыны, яны нараджаюцца ў кожным пакаленьні, часта ствараюцца сьведама — гісторыкамі ці па іхных сьлядох мастакамі й паэтамі. Кожны расеец ведае "первопроходца Ермака Тимофеевича", не з гістарычных манаграфіяў, а зь вядомай карціны Васіля Сурыкава "Заваяваньне Сібіры Ермаком". Герой маскоўскага народу "заваёўвае й асвойвае" новыя землі, трапна зьнішчаючы іх непрыгожае "инородное" насельніцтва з дапамогай пальнае зброі. "Сярэдні" паляк ведае сваю гісторыю паводле Сянкевіча, Матэйкі. Яму не трэба разьбірацца ў складанасьцях казацкіх войнаў ды "патопу". У сянкевіцкай "Трылёгіі" выдатна раскладзена хто свой, хто чужы, а самае галоўнае — як трэба паводзіць сябе чалавеку годнаму ў адпаведнай сытуацыі. Матэйкаўскі вобраз Грунвальду, дапоўнены раманам "Крыжакі", дзе даецца ацэнка падзеі й мадэль для перайманьня. Цяпер неабавязкова чытаць раманы ці наведваць музэі: фільмы таго ж Ежы Гофмана зь яшчэ большаю сілаю аднаўляюць мітычныя вобразы польскай гісторыі. Упэўнены, што сотні, калі ня тысячы юнакоў з Арміі Краёвай ці з "Змагарнай Салідарнасьці" натхняліся ня гэтулькі палымянымі прамовамі палітычных правадыроў, колькі тварам Вітаўта з матэйкаўскага палатна альбо подзьвігамі Кміціца з "Патопу".
Цікава, што рэальныя Вітаўт і Кміціц папраўдзе маюць больш дачыненьня да гісторыі ўласна беларускай, чым да гісторыі народу польскага. Але... Хто ўвогуле з гістарычных асобаў заняў месца ў пантэоне агульнанацыянальных беларускіх мітаў? На каго можна азірнуцца сёньня за прыкладам маладому радыкалу-незалежніку ці юнаку, які яшчэ шукае адказы на пытаньні жыцьця? Бадай, Кастусь Каліноўскі... Яго, сапраўды, так ці інакш ведае кожны беларус, хоць звычайна гэта вядома ня той шляхціц Вінцэнты Канстанты Каліноўскі й нават не аўтар "Мужыцкай праўды", а нейкі далёкі ад праўды "правадыр сялянскага паўстаньня". Хто ж яшчэ йснуе сёньня ў беларускіх "прамэтэях"? Не бязь цяжкасьцяў, але заняў сваё месца Скарына; на жаль, гэтак і не "даведзены" застаўся Леў Сапега...
Тэма беларускай гістарычнай міталёгіі можа быць прадметам працяглых дыскусіяў, як доўгім ёсьць і сьпіс падзеяў і асобаў вартых "міталёгізацыі". Але мне хацелася б прыгадаць у гэтым кантэксьце постаць, якая доўга існавала ў якасьці нацыянальнага героя Польшчы, цяпер ужо моцна там падзабытая, а для Беларусі, асабліва сёньня, набывае, на маю думку, пэўную актуальнасьць. Тадэвуш Рэйтан — шляхціц з Наваградзкага ваяводзтва, які не згадзіўся з ганебным падзелам Рэчы Паспалітай у 1773 г. й стаў сымбалем маральнага некампрамісу й нязломнага патрыятызму.
Рэйтаны былі нямецкага паходжаньня, але з Польшчы перабраліся ў Беларусь яшчэ ў XVII ст. і аселі ў Наваградчыне, атрымаўшы маёнтак Грушаўку пад Ляхавічамі (цяпер Ляхавіцкі раён Берасьцейскай вобласьці). Тут і нарадзіўся 20 жніўня 1742 г. Тадэвуш Рэйтан (памёр 8 жніўня 1780), нацыянальны герой і герой апавяданьня Генрыка Жавускага. Незвычайнаю асобаю быў, пэўна, і сам аўтар — апеўшы беларускую/ліцьвінскую шляхту, па сутнасьці, стварыўшы міт пра залатую літоўскую шляхоцкую старасьвеччыну, пра Пане Каханку і, вядома, пра... Тадэвуша Рэйтана.
Генрык Жавускі (1791—1866) належаў да вядомага магнацкага роду. Нарадзіўся на Валыні, значную частку дзяцінства правёў у сваёй бабкі Марыяны Рдултоўскай у Валамечцы Менскага ваяводзтва. Потым вучыўся ў розных краях, падарожнічаў, служыў у войску Варшаўскага княства, падоўгу жыў у Рыме, Парыжы, Пецярбургу, Варшаве, нарэшце, у фамільных маёнтках на Валыні. Але дзіцячыя ўражаньні, як сам потым сьцвярджаў, паўплывалі на ўсё ягонае жыцьцё. Пазнаёміўся й пасябраваў з Адамам Міцкевічам. Менавіта Міцкевіч у канцы 1820-х падштурхнуў Жавускага да напісаньня першых шляхоцкіх "гавэндаў"— гутарак, створаных на падставе сапраўдных мясцовых аповедаў, сямейных паданьняў, зь якіх пазьней паўсталі знакамітыя "Успаміны пана Севярына Сапліцы, парнаўскага чэсьніка". А сам Міцкевіч прызнаваўся Юльяну Фалькоўскаму, што "ўзяў з апавяданьняў Жавускага першапачатную задуму "Пана Тадэвуша", увесь гістарычны калярыт гэтае паэмы, нават прозьвішча Сапліцы". З дапамогаю Міцкевіча "Успаміны" былі выдадзеныя ў 1839—1841 гг. на эміграцыі ананімна (першае выданьне 1844 г. у межах Расейскай імпэрыі было моцна "папраўленае" цэнзурай). "Тадэвуш Рэйтан" і ёсьць адным з "успамінаў" мітычнага старасьвецкага шляхціца Сапліцы. Кніга пабудаваная як шэраг не зьвязаных сюжэтна "абразкоў", геаграфічны лёкус якіх — Наваградзкае ваяводзтва, храналягічны — 1760—1780 гг., а цэнтральная постаць — нясьвіскі князь Кароль Радзівіл (Пане Каханку). Літаратурны талент і замілаванасьць аўтара ў сваіх героях, сакавіты мясцовы калярыт надалі твору незвычайную папулярнасьць. У хуткім часе і сапраўдныя гістарычныя постаці ўбачыліся вачыма Севярына Сапліцы, а ягоныя гутаркі сталі ўспрымацца як біяграфічныя крыніцы. Але Жавускі ствараў літаратурныя, дакладней, менавіта мітычныя вобразы. Кансэрватар і мараліст, ён меў на мэце праз свае творы адраджаць "народ шляхоцкі", які ёсьць сапраўднай квінтэсэнцыяй нацыі. Ідэалам для яго заставаліся шляхоцкая рэспубліка, "залатая вольнасьць", рымская вера і шляхоцкая годнасьць. Але лепшыя героі — гэта звычайна людзі высокай хрысьціянскай маралі, патрыёты, а саслоўныя правілы застаюцца як бы на другім мейсцы. Паводзіны іхныя прапануюць тую мадэль, якой павінны ў прынцыпе трымацца ўсе, незалежна ад паходжаньня, канфэсіі й нават эпохі, людзі з годнасьцю й сумленьнем. Такім менавіта і ёсьць Тадэвуш Рэйтан.
Па сутнасьці, цэльны й яскравы Рэйтан Жавускага амаль замяніў гістарычнага, хаця дэталі біяграфіі значна "падпраўленыя" пісьменьнікам. Напрыклад, сапраўдны Рэйтан хутчэй за ўсё вучыўся ў варшаўскім "Калегіюм Нобіліюм", а не ў наваградзкіх езуітаў, недакладныя зьвесткі і пра вайсковыя чыны Рэйтана падчас Барскай канфэдэрацыі — Юліян Нямцэвіч згадвае, што ён ваяваў на Ўкраіне, на чале аддзелу казакоў, але й гэта недакладна. Дарэчы, няпэўнасьць зьвестак — характэрная рыса легендарных герояў, і месца пахаваньня Рэйтана дагэтуль дакладна невядомае. Але асноўнае — мужны адпор, які ставілі здрадзе наваградзкія паслы Тадэвуш Рэйтан, Самуэль Корсак і пасол Менскага ваяводзтва Станіслаў Багушэвіч — чыстая праўда. Можна нават удакладніць сцэну подкупу Рэйтана маршалкам: на прапанову дзьвюх тысячаў дукатаў за далучэньне да здрадніцкай канфэдэрацыі Рэйтан працягнуў Панінскаму пяць тысячаў — каб той адступіўся ад маршалкоўства.
Жавускі стварыў узор, мадэль, як трэба паводзіць сябе, калі радзіма ў сьмяротнай небясьпецы. Ключавым момантам тут ёсьць спрэчка з Аскеркам: ці можна ўваходзіць у змову з захопнікамі Айчыны. Канчатковы доказ пазыцыі Рэйтана (і, вядома, Жавускага) дае нашая гісторыя: падзеламі, рабаваньнем і зьнішчэньнем дзяржавы скончыліся змовы і кампрамісы для Рэчы Паспалітай. Сучасныя змовы й спадзяваньні на шчырасьць і справядлівасьць тых самых "партнэраў" вядуць да тых самых вынікаў.
Увогуле, чытач сам знойдзе, калі захоча, прыклады й паралелі, а я хацеў бы яшчэ раз зьвярнуць увагу гісторыкаў, літаратараў, мастакоў, рэжысэраў на нашую гістарычную спадчыну як крыніцу міталёгіі. А канкрэтна — на постаць наваградзкага шляхціца Тадэвуша Рэйтана — ці ня здольны стары змагар за залатую вольнасьць паслужыць яшчэ й беларускай справе? А таксама прапаную нарэшце пазнаёміцца й з творчасьцю закаханага некалі ў нашую зямлю й яе герояў шляхоцкага песьняра — Генрыка Жавускага.
Вацлаў Арэшка.
Сьмеяцеся вы з нас, старэйшых, што заўсёды радыя гутарыць мы пра даўнія часы і пра даўніх людзей. Але ж калі й час той, і людзі, усё тое лепшае было, чым зараз! Напрамілы Бог! Пан Бог і Садоме гатовы адпусьціць быў, калі б у ёй, прынамсі, дзесяць праведнікаў знайшлося б; хіба ўжо й гэтак малой лічбы ў нас не стала, каб Айчыну зьберагчы? Ніколі з тым не згаджуся. Пэўна ж, што наш упадак толькі хвілёвы, што ёсьць гэтта толькі прыпыненьне жыцьця, а ня гібель, самленьне, а ня сьмерць; па-за чым жыцьцё лепшае й мацнейшае, канечне, мусіць вярнуцца, як з таго зерня, што ў зямлю кінутае замірае і тлее, каб потым аджывіць дзесяціразова шчадрэйшы плён. Убоства й уцісьненьне ня раз прадвесьцілі вялікім посьпехам. Дзеля таго людзі, мудрыя ў навуках боскіх, якіх спазнаць можна адно толькі празь вялікую нявіннасьць сэрца, енчаць, бывае, ад бясконцых удачаў ды радуюцца, калі неспадзяванка якая перарве ім часам пасму, нададзеную занадта прыязным лёсам.
Такім быў яснавяльможны Рэйтан, падкаморы наваградзкі, якога я ў маладосьці маёй часта меў шчасьце бачыць, хадзіўшы да школаў з усімі ягонымі сынамі, апроч пана Міхала, што выхоўваўся ў Нясьвіжы разам з князем Каролем Радзівілам, гетманавічам вялікім літоўскім. Яснавяльможны падкаморы быў ураднік, якіх і ў даўніну навет невеле бывала; бо й розум надзвычайны й справядлівасьць ягоная ледзьве не раўняліся ўзорам, што пакінутыя нам у сьвятых судзьдзях народу божага. А пабожнасьць і вера гэткія, што, калі б не пакора, памерлых б уваскрашаў! Ён быў асаблівым дабрадзеем айцоў езуітаў у Наваградку, а ўбогі тамтэйшы дамініканскі кляштар празь ягоныя шчадроты стаў адным з багацейшых на Літве. Бывала — штомесяц запрашае законьнікаў да сябе, да Грушаўкі, каб зь імі рэкалекцыі адпраўляць, і тады дысцыплінаю хлышчацца, быццам вінаваўца які, ня толькі ён, але ўся чэлядзь. "Мой хлеб ясьце, — вучыць, — пакутуйце ж са мною". Страх ва ўсім дворы, калі які дамініканец альбо езуіт пакажацца. Але ніводзін слуга ад яго не пайшоў: старэлі й паміралі ў яго, а былі прывязаныя так, што за яго ў агонь бы скочылі, хаця быў грозны, гэтак, што ня толькі слугі, але навет жонка й дзеці чуйдух былі перад ім.
Надзвычайнае меў ён шчасьце. Ад бацькоў ужо багаты, маёнтак свой няспынна большыў, хаця здавалася, што аб ім зусім і ня дбаў. Ані спытаецца ніколі, што на палетках робіцца, дыспазытары як хочуць кіруюць, а ён толькі кажа: "У мяне Пан Езус гаспадар, Найсьвяцейшая Панна гаспадыня". Гэтак на іх спадзяваўся, што да Бераздава ў Полацкім ваяводзтве, недалёка ад Вялікіх Лукаў, раз толькі які за ўсё жыцьцё на пару тыдняў завітаў, а калі атрымаў яго па айцы сваім, прынамсі, шэсьць фальваркаў там было, але гэтулькі іх панакупляў, што пакінуў дзецям пятнаццаць. Меў ён, яшчэ па айцы сваім, Грушаўку, у якой і жыў, трыста хатаў у Мазырскім з уласнага набыцьця і дажывоцьце на Рубяжэвічах ад княгіні канцлеравай Радзівілавай, якая празь ягоныя парады мільёны зьберагла. Ня ведаў, тым ня менш, клопатаў, ні аб чым не прасіў, аб уласныя інтарэсы не турбаваўся. На пасады роўна ж быў абыякавы. Два разы абралі яго было дэпутатам, раз паслом, потым судзьдзём земскім, нарэшце, на найпершы ўрад ваяводзтва вылучаны быў, а ні на водным з тых соймікаў не прысутнічаў. Кожная laudum [1] і кожны прывілей яго шукалі ў Грушаўцы, а ня ён іх у Наваградку альбо ў Варшаве. Часта засмучаўся, што такое няспыннае яму шанцаваньне ніколі не перарвецца. Аднаго разу згарэў склад гарэлкавы, у якім хавалі колькігадовы запас. Анічога не ўратавана было, больш як на трыццаць тысячаў шкоды панёс, увесь дом быў у смутку, ён адзін, вясёлы, мовіў: "Прынамсі хоць раз не пашанцавала. Рады я сабе, бо Пан Бог пра мяне памятае". А то быў як жарцік Лёсу, бо сутак не мінула, аж атрымлівае ён прывілей на Крычаўскае староства ў Мсьціслаўскім павеце, каторае за год прынесла яму болей, чым перад тым страціў. Усе ў доме цешыліся, апроч яго. Гэта яму ўпала як камень зь неба, бо ані стараўся аб тым, ані сувязяў ня меў пры двары. А ў дамовым жыцьці які шчасьлівы! Жонка — гэта быў анёл у чалавечым целе: гэтак цнатлівая й пекная; сыны — заўзятыя кавалеры, так, што кожны бацька яму зайздросьціў, а дачок было тры: прыгожыя панны, якія выглядалі як малодшыя пры маці сёстры. За жыцьця свайго павыдаваў іх за нашчадкаў лепшых дамоў нашага ваяводзтва. Адну ўзяў пан Павал Есьмян, слонімскі харужы, продак якога быў смаленскім ваяводаю; другую выдаў за пана Казімера Гарабурду, старасту вілядымаўскага, якога род ва ўсёй Літве над сабою ня мае старажытнейшага; трэцяя пайшла за пана Яўхіма Рдултоўскага, кашталяніча наваградзкага, што па сьмерці цесьця стаў нашым падкаморым. А да таго ж гэтак быў здаровы, што ўжо было яму пад восемдзесят гадоў, а лякарства ніякага ня ведаў. Калі й запаў ён на слабасьць, што чатыры гады ў ложку яго трымала і ўрэшце пазбавіла жыцьця, дык, пакрыты ранамі і вялікія болесьці церпячы (як лекары казалі, бо па ім самім ніхто б аб тым не даведаўся, так мужна ўсё зносіў), калі ўсе плакалі, ён, весялейшы, чым калі, паўтараў: "От мне цяпер добра, што Бог, нарэшце, да жывога да мяне дакрануўся. Цяпер толькі лёс мой былы ўхваляю, калі мне тут баліць; раней сам сябе хвастаць мусіў, а цяпер Пан мой, ласкавы, мяне хвошча". Дык Пан Бог, як, напэўна, і душу ягоную забраў да сваёй хвалы, так і на зямлі паблаславіў ягоную памяць, бо між гэтак годнымі яго дзецьмі даў яму Тадэвуша, аднаго з найбуйнейшых мужоў нашае Айчыны.
Калі б найзнакаміцейшая цнота людзкая магла пераважыць вырокі Найвышэйшага, пан Тадэвуш адзін бы Айчыну ўратаваў. І хаця на зьнешні погляд не атрымалася таго яму, няма сумневу, што, пакуль астатняга паляка сэрца будзе біцца, памяць аб ім не загіне. Ён нас на такі паставіў узровень, што ані грэкам Арыстыдэсаў, ані рымлянам Катонаў ня маем у чым зайздросьціць. А мы, наваградцы менавіта, цешымся зямянінам нашым, імя якога, народ гінучы, наказаў выпісаць залатымі літарамі ў мейсцы абрадаў сваіх правадаўцаў. Стары я ўжо, і, адпушчаючы повадзі надзеі, абуяны духам вешчым, кажу перад сьмерцю — унукі нашыя дачакаюцца, што помнік са сьпіжу ў Наваградку Рэйтан атрымае. Гадавіны сьмерці ягонай урад мясцовы, рыцартва й народ будуць сьвяткаваць. Што вера мае найсьвяцейшага ў сваіх абрадах, што розум народа можа знайсьці найлепшага ў супольных пачуцьцях, злучыцца, каб увекавечыць памяць нашага героя. Убогія панны, што праз шчадроты публічныя атрымаюць пасаг, ля ног таго помніку будуць браць шлюбы з жаўнерамі, якія, ужо свае гады адбыўшы, на заслужаным кавалку зямлі асядуць. Маткі, сыночкам сваім паказваючы рысы ягоныя, будуць ім тлумачыць, якім чынам у вольных народах змагаюць путы магільныя. Не аднаго разу, мімаволі, пыха перапаўняе персі мае, што пачатак жывата маяго зь ім праводзіў, што ад адных майстроў зь ім навукі браў, што побач зь ім на лавах школьных сядзеў ды падзяляў ягоныя забавы.
Ёсьць нейкая дзіўная перавага цноты. У школах усе пана Тадэвуша над сабою верх прызнавалі, хаця да навукаў ня надта ён быў здольны, а ў забавах звычайна задуменны, нават пануры; ня меў тае гнуткасьці таварыскай, іншым неабходнае дзеля атрыманьня папулярнасьці. Калі ж які абывацель, наведваючы айцоў езуітаў, пра рэчы даўнія заводзіў размову, пан Тадэвуш усякія нашыя забавы кідаў, у глыбокім маўчаньні прыслухоўваўся да тых аповедаў і ўжо нічога з задуменнасьці вырваць яго не магло. Паколькі кляштар быў фундацыі Яна Кароля Хадкевіча й ягоны абраз вісеў у касьцёле, дык ён — бывала — як вочы ў яго ўлепіць, дык аж сьмяюцца калегі, а прафэсар мусіць добра яго патрэсьці, што ў касьцёле на аўтар, а ні на што іншае глядзець патрэбна. А хіба толькі абраз зь ім такое рабіў? На кляштарным калідоры вісела мапа Рэчы Паспалітай — дык ідучы на забаву, як кіне на яе вокам, дык стане пры ёй, як укапаны, і ўтаропіцца ў яе, задумаўшыся гэтак, што нічога ўжо каля сябе ня чуе, хаця студэнты так галасяць, што ледзьве б памерлага не абудзілі; і ня раз бывала — рэкрэацыя ўжо скончыцца, а яго пры мапе як пакінулі, гэтак і знойдуць. Айцы езуіты доўга спрабавалі адвучыць яго ад тае задумлівасьці, але, пераканаўшыся, што было тое дарэмна, далі яму спакой, паколькі ва ўчынках сваіх быў вельмі лагодны ды пакорны для школьнага начальства. Хаця езуіты досыць суровыя былі ў дачыненьні да моладзі, але колькі гадоў прайшло, а пан Тадэвуш ані разу ня быў штрафаваны. Раз толькі атрымаў кару, і моцную, з такой падставы: паміж канвіктарамі быў, у чацьвертай ужо клясе, пан Уладыслаў Аскерка, кашталяніч наваградзкі, айца якога нарадзіла астатняя з дому Гасеўскіх, значную сваю вотчыну дому Аскеркаў прынёсшы. Быў то хлапец вельмі талковы й дзіўна здольны ў навуках. Дык вось, на травеньскай рэкрэацыі пачалі пра Гасеўскага гутарыць, аб ягонай славе й заслугах. Адзін з вучняў адазваўся, што, далучыўшыся да тышавецкай канфэдэрацыі [2], зьняў ён тым пляму сваёй сувязі са швэдамі. Кашталяніч у тых пунктах бараніў свайго продка, а пан Тадэвуш, які прыслухоўваўся да таго дыскурсу, спыніў сваё маўчаньне, кажучы: "Пане Ўладыславе, устыдзіся бараніць злой справы, хаця б і свайго прадзеда. Гетман пазьнейшымі заслугамі зацёр сваю здраду, але пакуль быў ён з захопнікамі, хіба ж можа хто запярэчыць, што быў здраднікам Айчыны?" Пан Уладыслаў даводзіў, што падляганьне акалічнасьцям ня ёсьць здрадаю і што чалавек, бачачы, што сябе згубіць, а Айчыны не пазбавіць, вельмі разумна робіць, калі ўваходзіць ва ўклады зь непрыяцелем, каб захаваць сябе для Айчыны на лепшы час. На тое пан Тадэвуш так абурыўся, што, схапіўшы камень, ціснуў ім па галаве кашталяніча гэтак, што той крывёю абліўся. Вялікі з таго зрабіўся вэрхал ва ўсім кляштары. Учынак пана Тадэвуша бачыўся тым гвалтоўнейшым, што кашталяніч з лагоднасьцю тлумачыў. Сам рэктар дапрасіў пана Тадэвуша, а потым загадаў яму, кленчачы, перапрашаць пакрыўджанага калегу. Але пан Тадэвуш нават пад плягамі аніводнай сьлязы не пусьціўшы, адказаў: "Што зрабіў, аб тым не шкадую і не прабачуся, хоць бы мяне забіць мелі, а кожнага біць буду, хто мне скажа, што можна ўваходзіць у змовы з захопнікамі Айчыны". Колькіразова быў біты, але нічога яго пераканаць не магло. Як упёрся, стаяў, як скала, непарушны. Перастаў яго ксёндз-рэктар біць, каб яму здароўя не пашкодзіць, але замкнуў яго да кутузкі, скуль той толькі на навуку выходзіў, такім чынам жадаючы прымусіць яго да пакорнасьці. Чатыры тыдні ён стойка ўсё вытрымаў, пакуль яснавяльможны Аскерка, кашталян наваградзкі, не прыехаў да школы і, даведаўшыся аб усім, сам яго ня вызваліў. Калі прадставілі пана Тадэвуша яму, пачаў яго цалаваць, мовячы: "Хай Бог табе не згадае, што мне хлопца такім рубцом азначыў, але шчасьлівая тая маці, што цябе на сьвет нарадзіла. Ня маеш чаго перапрашаць майго сына, толькі прашу цябе, будзь яму адгэтуль прыяцелем, якім я твайго бацькі ёсьць". Нарэшце зьмякчыўся пан Тадэвуш і кінуўся ў абдымкі кашталяніча, абяцаючы яму прыязнасьць, якую ад таго часу стала захаваў.
У школах ксяндзы-езуіты завялі былі розныя забавы, стасоўныя да шляхоцкіх звычаяў, — і між іншымі, што вельмі нам падабалася, — бітвы на дубінках. За кляштарам была разьлеглая пляцоўка, а на кожнай палове, на краю прасторы, насыпаны быў узгорак, які называлі "табарам". Школа дзялілася на дзьве часткі, нібы на два войскі. Перамога залежала ад апанаваньня праціўнага табару; і зацята біліся мы, абы свой абараніць, а здабыць непрыяцельскі. Звычайна дзяліліся на палякаў і маскалёў, а выцягнутыя лёсы паказвалі, да каторых мусіў кожны з нас належаць. Дык пан Тадэвуш, які быў на дубінках адзін з найлепшых і неміласэрна ў тых бойках частаваў на яго нападаўшых, колькі разоў выпадала яму быць маскалём, дык найслабейшым навет паддаваўся. Калі дзівіліся мы, што дужы, зносіць ад такіх, якія ледзьве кій у руцэ трымаць умелі, ён адказваў: "Чаго ж хочаце, калі я й жартам сьцярпець таго не магу, каб нашых маскалі білі. Колькі разоў, хаця й несапраўдны маскаль абуханца адарве, дык здаецца мне, што Айчына чагосьці дамаглася, а тая думка гэтак мяне неяк апануе, што й бараніцца не магу".
Бывалі часта спрэчкі паміж студэнтамі а гандляркамі й жыдамі ў месьце, і таму скаргі былі да прафэсараў гэтак частыя, што не маглі даць сабе рады, маючы каля тысячы хлапцоў, што да школаў хадзілі. Прыйшла тады езуітам шчасьлівая думка, ажыцьцяўленьня якой дамагліся яны ў яснавяльможнага Ябланоўскага, на той час ваяводы наваградзкага, а менавіта — каб зрабіць школьны суд праз студэнтаў ды паміж імі самімі абраны, абы ўсе справы іхныя зь мяшчанамі судзіў без адвалокі. Як было тое ўчыненае, дык з пачатку асьцерагаліся былі гандляркі застацца ў справах сваіх на дыскрэцыі студэнтаў, але хутка блаславілі яны тае ўставы, бо большае справядлівасьці пад сонцам не знайшлі б. У чацьвер папалудні прызначаныя былі суды, якія складаліся з прэзыдэнта, чатырох судзьдзяў, двох пісараў і рэгента. Студэнты вялі справы, і навет таму боку, што скардзіўся, суд даваў абаронцу, студэнта. Усё гэтакім ішло чынам, як бы ў горадзе, а такім спосабам прызвычайвалася моладзь да знаёмства з правам і да публічнае мовы. Штогод саймікавалі для абраньня ўраднікаў, але як выбралі прэзыдэнтам пана Тадэвуша, не пераставаў ім быць аж да выйсьця сваяго са школаў. Раз навет перакрэскаваў [3] князя Радзівіла, маршалковіча надворнага, што потым быў канюшым літоўскім [4], хаця за ім ксяндзы-езуіты фарсавалі. Дык пан Тадэвуш гэтак, бывала, вучыць права — аж яму прафэсары кніжкі з рук выдзіраюць, — абы да права дэкрэты свае стасаваць. Аднаго разу ягоны брат, пан Юзаф, праз свавольства сваё, нейкае гандлярцы гарнкі паразьбіваў, і аб тым пачалася справа. Гандлярка нагэтулькі давяралася справядлівасьці ягонай, што ўпіралася, каб абавязкова пан Тадэвуш судзіў, але ён таго не прыняў, мовячы: "Тут не пра давер йдзе, але пра тое, каб рабіць, як права кажа, а права таго не дазваляе, каб сваяк сваяка судзіў. Жадаю я лепш права слухаць, чым цешыцца гонарам, што ў судзе на роднага брата не аглядаўся". А што ўжо вымавіў, ад таго й пад катаваньнямі б не адступіўся, дык так і адышоў.
Як у школах быў палкім патрыётам, так і, выйшаўшы зь іх, руплівым быў грамадзянінам; і можна сказаць, што ня толькі кожная думка ягоная, але навет і кожны подых быў для Айчыны. Маючы ледзьве гадоў дваццаць, калі быў яшчэ таварышам у харугве князя Радзівіла, займеў было жаданьне да малжонскага стану, але скора з таго расчараваўся. Запала была яму ў вока панна Еўлашэўская, ваўкавыская вайшчанка, што потым выйшла за пана Прота Хмару, ашмянскага маршалка. Панна прыгожая, з дому кармазынавага, бо за сто гадоў таму продак ейны быў ваяводам берасьцейскім, а як адзіная дачка, дык і пасаг мела добры. Карацей, былі ў надзеі. Пазнаёміўшыся зь ёю ў доме ейнае цёткі, вяльможнай чэсьнікавай Бэрновічавай, зь якой і Рэйтанаў дом быў у сваяцтве, пачаў да яе заляцацца (чаму маці ягоная радая была, бо айцец тады ўжо ня жыў) і са шваграм сваім, панам харужым Есьмянам, паехаў ён да дому войскага, нібыта дзеля адданьня яму атэнцыі [5], але ж у йстоце, абы лепей пазнаць панну, перш чым пан Бог сьцісьлейшы прызначыць зьвяз. Але там, прыехаўшы, убачыў у гасьцёўні вісеўшы кантэрфэкт [6] Пятра Вялікага. Гэтак тое яго ўразіла, што зараз свайго намеру адступіўся. Як толькі потым пан харунжы не намучыўся, абы яго вярнуць да даўняга прадпрыемства! Усё было дарэмна. "Пётар, — мовіў, — то быў найгоршы наш вораг. Ён караля, нябожчыка [7], уцягнуў у вайну са швэдамі, абяцаў яму Інфлянты, якія й так нашымі ёсьць паводле ўсіх правоў боскіх і людзкіх, а потым, як з клопату вылез, ня толькі слова не датрымаў, але шчэ зь ягонае ласкі было скарочана нашае войска, тое войска, пострах басурманаў, якое пад Венаю ўсё хрысьціянства з астатняе бездані выцягнула. Жадаю ўсё жыцьцё лепш кавалерам застацца, чым браць жонку з такога дому, дзе памяць непрыяцеля краіны ёсьць у такой павазе, што аж абраз ягоны пакой аздабляе, у якім родзічаў прымаюць".
Розныя лёсы ад Наканаваньня Божага ёсьць: яго ж лёсам было пакутніцтва за Айчыну, бо ў істоце тады толькі цешыўся, калі за яе цярпеў, і ў тым сваё прызначэньне разумеў, што заўжды сябе гатовы аддаць быў дзеля яе. Пасьля сьмерці Аўгуста ІІІ Масква без аніякае перашкоды правіла гвалты па ўсёй Рэчы Паспалітай, упаўнаважаная на тое ў пэўнае ступені празь некаторых ачмуроных грамадзянаў, якім здалося, што бяспраўем можна Айчыну ўмацаваць і што захопнік, празь іх прыцягнуты, будзе ў іхных руках сьляпым начыньнем для іхных намераў, можа, і ратавальных.
Князь Кароль Радзівіл, сваёй фантазіі гэтак далёка не запушчаючы, але памятаючы сваёй сэнатарскай прысягі, як віленскі ваявода, парассылаў граматы, якія заклікалі грамадзянаў да паспалітага рушаньня, абы дзеля абароны стаптаных правоў, зь ім злучыўшыся, вызвалілі б бацькоўскую зямлю, зьняважаную варожаю сілаю. Пан Тадэвуш, на той час таварыш, першы зразумеў, якімі ёсьць абавязкі жаўнера і зямяніна, і пачаў прысьпешваць калегаў, абы не вагаліся ў абавязку сваім. Правадыр харугвы, чалавек пачцівы, але сталага веку, айцец сямейства й баязьлівы, даводзіў яму, што ў такіх рэчах першы, хто пачынае, прымае на сябе адказнасьць, што бясьпечней дачакацца нейкае сілы, да якой далучыцца можна, чым сабе ў сьляпую выскачыць, ды, што калі запал і ёсьць шляхоцкім, дык разважнасьць мае свае правілы, якімі не варта грэбаваць. Тая праклятая разважнасьць яшчэ й у той час дурыла кволыя розумы! Але пан Тадэвуш яму адказваў: "Што мне, вашмосьць пан, разважаньні насупроць абавязку ставіш! Будзь што будзе, робім тое, што нам права й сумленьне кажа, а пакладземся на таго, хто нас не запытае, ці маёнткі мы альбо здароўе нашае зьбераглі, але — ці споўнілі мы нашае павіннасьці. Моцныя праўдаю, вызвалім Айчыну; станем за яе ў пакутах, выслужым яе ў Бога!" І нягледзячы на адпор паручніка, усю харугву пераканаў і са Слуцка прывёў яе да Нясьвіжу.
Стаўшы рэгімэнтарам наваградзкім, паўсюль у баях паказваў непахісную трываласьць і мужнасьць. Пад Клецкам, убачыўшы, што пан Аляксандар Адынец, якога, пад сваёй камандай маючы, ведаў надзвычайную здольнасьць, паранены пад канём ляжыць, дзеля яго зь сябе ахвяру зрабіў: бо, яму сваяго каня аддаўшы, тым яго ўратаваў, а сам дастаўся да няволі, у якой існым мучанікам прабыў два гады й выйшаў зь яе, аж калі масква, усялякі адпор заламаўшы, сьцьвердзіла на троне Станіслава. Па разьвязаньні Нясьвіскай канфэдэрацыі ўсім да часу даны быў спакой, надзетыя былі барвы ўмеркаваньня; дасталося толькі князю Каролю Радзівілу, які, адсунуты ад урадаў і маёнткаў, адзін мусіў туляцца, ня маючы іншых сродкаў, апроч пасілку, што з крывавае працы дасылалі яму прыяцелі зь Літвы. Як у нас звычайна — пасьля выбухненьня вялікага запалу, наступае абыякавасьць да рэчаў публічных, якая падаецца нібы пабожная максіма, што трэба пагадзіцца з воляю Пана Бога; а згадзіўшыся, пачалі засвойвацца з навязаным рэжымам і сабою толькі займацца. Але пан Тадэвуш быў з малой лічбы тых, хто ані на хвілю не згубіў з памяці зьнявагу, што нанесеная была Рэчы Паспалітай. Ад усяго ўхіліўся, адмовіўся ад прапанаванага яму імем каралеўскім месца ў Няспыннай Радзе, нават на сойміках не хацеў быць. Сядзеў у Грушаўцы, з пачатку вадзіў знаёмства з наведваючымі яго, але потым тая вясёласьць, якой хацелі яны разагнаць ягоныя сумныя думкі, гэтак яму абрыдла, што рэдка калі перарываў сваю самотнасьць і нагэтулькі толькі, каб не разыходзіцца з правіламі гасьціннасьці. Паўтараў заўжды братам сваім: "Я маю весяліцца, калі правадыр наш на выгнаньні?" І з часам навет і ад іх пачаў адхіляцца. Але ня быў і тое край яго заводу. Масква, якая болей яшчэ прагла нашае пашаны, чым нашых дзяржаваў, нядоўга засынала. Ужо зганьбіла была гонар народу, трэба ёй было яшчэ зганьбіць і тое, што было ў нас найшляхотнага, трэба было пасмаю няпраўнасьці спавіць найцнатліўшых людзей. Змуціўшы гэтак іх зводнымі абяцанкамі, падбіла, абы паднялі канфэдэрацыю дзеля зрынаньня з трону Станіслава, якога на пагарду ўсяму народу гвалтам была й пасадзіла, а калі такім чынам завязалася Радамская канфэдэрацыя [8], хацела навет, каб яе маршалкам быў той самы непрытульны князь Радзівіл, які за нязломную адданасьць сваю айчынным свабодам і за няўтольную нянавісьць да маскалёў усё яшчэ быў гнаны. Зьнялі зь яго баніцыю, вярнулі няпраўна адабраныя ўрады, зрабілі яго, так бы мовячы, правадыром народу, навет над маскоўскім войскам даручылі яму каманду. Канфэдэрацыя ператварылася ў сойм, усё прыбіралася гэтак, быццам голас сумленьня адазваўся ў ворагах нашых, якія нібыта справядлівымі для нас хацелі быць. Хто цяпер няведае, чым скончыліся тыя надзеі? Тое, як схапілі й на Сыбір вывезьлі трох сэнатараў і аднаго пасла, паказала ўсяму сьвету, якія ёсьць прынцыпы ўраду маскоўскага, як там разумеюць права народаў і чым у істоце ёсьць уяўнае рэфармаваньне таго гаспадарства. Але абраза тая абудзіла, нарэшце, народ, як бы зь якой летаргіі. У шмат якіх ваяводзтвах пабраліся за зброю. Паўстала Барская канфэдэрацыя [9].
Пан Тадэвуш на той час быў у Бераздаве, дзе мог аддавацца сваёй самотнасьці болей, чым у Грушаўцы. Там адзінай ягонай асалодаю было паляваньне ў неабмежных пушчах. Але ледзьве дайшла да яго зьвестка пра намаганьні народу, хацеў адразу быць у ліку першых паўстанцаў. Завязаўшы стасункі з суседзямі, спрабаваў ажывіць у іх тлеючую любоў да Айчыны ды ў беларускіх лясох распачаць бязьлітасную вайну, але ня мог тамтэйшым жыхарам уліць сілы свайго духа. Бальшыня іх сапраўды спачувала нацыянальнай справе, але бачыла пры тым рэчы важнейшыя, а былі й такія, што спрыялі Маскве. Досыць было таго, што, ужыўшы ўсялякіх сродкаў, узброіў ён колькісот чалавек, хаця й найболей із сваіх добраў. Што да грамадзянаў, дык было некалькі, якія далі яму слова і навет далучыліся да яго спачатку, але, як аднаму зь іх маскалі спалілі вёску з дваром, разам астыла міласьць да Айчыны, так што ледзьве колькідзесят шляхты пры ім засталося. Трымаўся, аднак, у пушчы. Але, калі масква пусьціла на яго ў аблаву сваіх егераў, а знайшліся такія, што ім дарогу паказалі, каб гэткаю паслугаю дагадзіць цару і замазаць памяць доказаў сваёй непрыязьні, цяжкаю стала тая справа для пана Тадэвуша. Рабіў усё ж яшчэ, што мог: са сьлязамі маліў сваіх, абы бараніліся да апошняга, а ня ганьбілі свайго імя — мовіў ім: "У лесе адзін дзесяці варты; альбо яны ведаюць, ці сіла нашых?"— "Але ня ведаюць! — адказвалі абыватэлі, што зь ім былі. — Мы та, праўда, што ня ведаем, ці шмат іх ёсьць, але яны да адзінага палічыць нас могуць, альбо той ці гэны іх ужо не навучыў на памяць?" А пан Тадэвуш, змучаны, быццам бы жывымі гадамі наеўшыся: "Дазвольце, — кажа, — хай я іх палічу, можа, іх толькі жменька, дзеля постраху, а вы ўсляпую непакоіцеся. Не разьбягайцеся толькі, пакуль не даведаюся." І, ні на кога не спадзеючыся, бо спрытны быў да лажаньня па дрэвах, улез ён на агромістую сасну, быццам пчаляр які. У істоце, як потым ня раз сам паўтараў, ня было там таго гэтулькі, каб ім адпору ня даць, але тамтэйшая плюгавая шляхта, як толькі пакінуў ім намаўляць у вушы пра абавязак, адразу ж рассыпалася. Адны лесьнікі чакалі, прынамсі, каб на свае вочы ўбачыць маскалёў, але й тыя перад імі далі ногі, бачачы сябе кінутымі. Гэтак маскалі ў лесе, а пан Тадэвуш на сасьне. Шчасьце, што не заўважылі яго, бо, як глушца, б зьнялі. Дык ён толькі позьняе ночы з тае сасны зьлез, ня маючы чаго йсьці да Бераздава, бо там ужо былі госьці, якія дом дашчэнту разрабавалі, а потым і спалілі, гэтак што склады, стадолы, забудова, яшчэ за бацьку ягонага, нябожчыка, гадоў дваццаць можа будаваная, у адну гадзіну ўсё попелам пайшло. Як мог прадзіраўся да Грушаўкі, накшталт зьвера, блукаючы па лясох. Пан Бог, што яго да значнейшых рэчаў захоўваў, не дапусьціў яму трапіць у рукі маскалёў, бо, безумоўна, б яго закатавалі. У Грушаўцы іншая справа — кожны наваградзкі шляхціц даваў яму сваіх людзей колькі мог; зараз тады колькісот казакоў, найбольш з дворскіх, уласным коштам узброіў і з даўнім сваім Аляксандрам Адынцам выставіў у поле. Быў ён у нешчасьлівай сталовіцкай бітве, дзе гетмана Агінскага разьбілі праз здраду пана Гелгуда. Там карцеччу зьнесла Адынцу галаву, аж пан Тадэвуш мозгам яго абрызганы застаўся. Тая сьмерць стала яму крыжам для нясеньня, бо бачыў у ёй вялікую страту для краю — і не бяз слушнасьці. Не ў адной яшчэ бітве да канца біўся, нарэшце, разьвязалася Барская канфэдэрацыя: здрада й сіла адужалі нянавісьць і правасьць.
Зьбіраўся сойм, але ўжо ведама было, што рыхтаваўся празь яго жахлівы і ў гісторыі нашай нечуваны замах на Айчыну. Пан Тадэвуш, які ніколі аб ніводным урадзе не прасіў і навет унікаў дагэтуль соймікаў, падаўся на пасла, каб на астатнім шанцы права бараніць славы народнай. Калегам нашага Катона ў наваградзкім пасольстве стаў Міхал Корсак. Зьбіраліся правадаўцы, хто пэўны сабе, хто перастрашаны, у Варшаве. О дзень, найганебнейшы, а разам і найслаўнейшы для Рэчы Паспалітай, у які наваградзкае нашае пасольства пачула голас зьняважанай і канаючай Айчыны! Усе вуліцы места занялі ўзброеныя маскалі — кноты запалёныя, пагражаючы сьмерцю кожнаму, хто яшчэ рэшты сумленьня ў сабе не прыдушыў. Манарх, да бабы падобны, са сьлязамі просіць паслоў, што ідуць да залі, абы дарэмным адпорам не губілі Айчыны й сябе. Засядаюць паслы. Адны нейкімі дзікімі ўсьмешкамі хочуць схаваць унутранае замяшаньне, іншыя слязамі выдаюць і пачцівасьць пачуцьцяў, і слабасьць душы; некалькі толькі спакойным сваім абліччам паказваюць, што, апроч Бога, адкінуўшы ўсё, што да жыцьця іх прывязвала, гатовыя да любой бітвы й ахвяры. Канцлер абвяшчае каралеўскую прапазыцыю, каб распачаць сойм пад канфэдэрацыю і запрашае Панінскага на маршалка.
— Згода! — адпавялі (аднак дрыжачым голасам) купленыя паслы.
— Згода! — яшчэ слабей паўтарылі напалоханыя паслы.
— Няма згоды! — азваўся Рэйтан. — На сойм вальны сабраныя мы, а не на канфэдэрацыю; пачнем выбары маршалка вальнага сойму.
— Тадэвуша Рэйтана абіраем маршалкам! — закрычалі Корсак, Багушэвіч і трох яшчэ іншых паслоў, што грамадзіліся ля Рэйтана.
Зьдзівіліся ўсе. Рэйтан хапае ляску і сэсію распачынае. На колькі хвілінаў канцлер, Панінскі ды іншыя маскоўскія найміты замоўклі, бальшыня пасольскай ізбы адчула жаданьне вярнуцца да абавязку, але з аднаго боку зацьвярдзелыя здраднікі, зь іншага — кноты, што наблізіліся да паневак, прыдушылі той слабы агеньчык цноты. Жудасны паўстаў вэрхал, быццам на зборышчы пякельных духаў.
— Не дамося пяці паслам намі авалодаць, канфэдэрацыі хочам і Панінскага за яе маршалка!
Вылюдкі вырываюць Рэйтану ляску, пяцёра адбіваюцца ад усіх.
— Няма згоды на канфэдэрацыю! — крычыць Рэйтан. — Далібог, на раны Хрыста, браты, заклінаю вас, не пляміце імені польскага! Памятайце прысягу вашую! Ведайце, што па канфэдэрацыі падзел краіны будзе!
Сьвятакрадзкія рукі б’юць Рэйтана й яго паплечнікаў. Панінскі, асьмялеўшы, ужо зь ляскаю ў руцэ спрабуе распачць сойм. Корсак і Багушэвіч, ірвучыся са зладзейскіх рук, крычаць:
— Ня выйдзем з гэтае ізбы, хіба трупамі, а на здраду Айчыне не дазволім!
Рэйтан хапаецца за апошні легальны сродак:
— Scisсo activitatem! [10] — кажа, — сойм сарваны, ня маеце сойму!
— Няма сойму! — паўтараюць верныя пакутнікі.
— Панове браце, — адказвае Панінскі, — пэўна, што тыя паны крыху звар’яцелі. Не зважаем на іх, а працягнем нашыя паседжаньні. Запрашаю панства да складаньня акту канфэдэрацыі.
— Здраднік! — крыкнуў Рэйтан. — Як ты адважваешся маршалкам звацца, калі няма сойму!
Панінскі адклаў сэсію на заўтрашні дзень, а паслы паразыходзіліся, апроч тых шасьці верных, якія засталіся дзеля напісаньня маніфэсту. Трое сутак сядзелі яны там замкнёныя, у голадзе, а потым, нарэшце, аслабелых выпусьцілі. Чым толькі іх не спакушалі, абы адступіліся ад маніфэсту, а далучыліся да канфэдэрацыі. Рэйтану давалі малую ляску літоўскую і Барысаўскае староства; Корсаку і Багушэвічу кашталяніі ды прыбытковыя каралеўшчыны; іншым тром таксама абацяныя былі ляскі ды прыбыткі. Няцнота Панінскі сьмеў сам пра гэта з Рэйтанам мовіць, не саромеючыся ў вочы глядзець.
— Подлы чалавек, — адказаў Рэйтан, — маю я з сабою тры тысячы чырвоных злотых і табе іх аддам, але апамятайся.
Страшылі іх канфіскатам маёнткаў, але тыя мужы, поўным пагарды маўчаньнем гэта прынялі. Вывезьлі іх, нарэшце, за места, а пан Гуроўскі, якому даручылі праводзіць іх да першае пошты, дадаўшы зьдзекі да іншых зьнявагаў, казаў ім там: "Бывайце, панове, здаровы і паспрабуйце супраць нас новую канфэдэрацыю падняць, калі знойдзеце роўных сабе паўдуркаў. Але памятайце, што й Панна Найсьвяцейшая таго змазаць не патрафіць, што царовая, яе міласьць, для нас напісала".
Пан Тадэвуш асеў у Грушаўцы, але тое, што адбылося, гэтае раненьне лепшых пачуцьцяў, моцна падбіла яму здароўе, тым болей што падчас тае разбойніцкае сэсіі нехта з тых пачвараў, вырываючы яму ляску, моцна ўдарыў яго ў цемя. Пры іншых болесьцях цярпеў яшчэ часта й на галавакружэньні, а ў доўгіх роздумах бяссонныя праводзіў ночы. Ня было ж ані сьледу якога нібыта памяшаньня думак. Але, як дайшла да яго зьвестка аб першым падзеле Айчыны, што адбыўся з адзінадушным ухваленьнем сканфэдэраваных станаў, таго ўжо ўдару вытрымаць ня мог — і розум яго разьбіўся, сараматою публічнай раздушаны. Нікога да сябе не дапускаў, кожнага называючы здрайцам і нікчэмнікам, што не ляціць да Варшавы Айчыну ратаваць. Калі абмовіўся, што славы свайго народу перажыць не жадае, пачалі браты пільнаваць яго. Усё грамадзтва наваградзкае сьпяшалася да Грушаўкі, бачыць пасла сваяго на ложку болесьці, з розумам надарваным у паслугах Айчыне, у астатняе роспачы. Але не даваўся бачыць сябе, мовячы: "Я іх ня ведаю. Грамадзяне наваградзкія цяпер у Варшаве, яны здрайцаў Айчыны зьбіраюцца пасячы, а ня з хворым гутарыць". Калі асьмеліўся яго я наведаць, дык як яму абвешчана было, сабе прыпомніў мяне:
— Севярын Сапліца, тое калега школьны й вайсковы; а добра, хай войдзе.
Пачціва мяне павітаў і спачатку спакойна размаўляў, але, як прызадумаўся нешта, пачаў пад расейца прыгаворваць:
— А што, пане Севярыне, не віншуеш мяне, што ўдаўся я на маскаля? Бераздаў ужо ў губэрні беларускай, я падданы царовай. Прашу майго ганаровага званьня не адбіраць — мяне сойм ёй аддаў. Удзячны яму, бо там хаця Панінскага няма.
І пачаў ірваць на сабе ўсё і біцца гэтак, што, калі б слугі яго не прытрымалі, на мяне б кінуўся. Маці яго, яснавяльможная падкаморавая, зь вялікага жалю пакінула была Грушаўку й аж у Мазырскае пераехала, ня маючы сілаў зьносіць цярпеньні сына.
У хуткім ужо часе й скончыў ён паломніцтва сваё па тым падоле плачу. Убачыў праз вакно генэрала расейскага, які высядаў з возу, прыехаўшы з Наваградка, каб аддаць візыт пану Міхалу, на той час гаспадару Грушаўкі. Пан Тадэвуш хацеў, вядома, ісьці на пакоі, пагражаючы генэралу, але людзі не пусьцілі ды замкнулі яго. Тады ўпаў у нейкае памяшаньне і, шыбы ў вакне разьбіўшы, шклом парэзаўся моцна. Праз два дні па тым выпадку Пану Богу душу сваю аддаў. Кажу "Пану Богу", бо за колькі гадзінаў перад скананьнем поўная яму вярнулася прытомнасьць, і найпрыкладна рыхтаваўся ён да сьмерці, якой гэтулькі разоў бяз страху шукаў. Пану Міхалу розныя як бы прадказаньні пра далейшыя лёсы нашыя рабіў, каторых той шаноўны брат яго не хацеў перад людзьмі адкрываць, кажучы: "Не жадаю засмучаць вас, бо што добрага мае быць, тое гэтак далёка, што жадны з нас не дачакаецца, а бяда на карку".
Потым ужо, толькі Збаўцаю нашым і ягонае Маці Найсьвяцейшаю заняты быў, ахвяруючы ім тыя новыя пакуты, што ў непрытомнасьці сабе задаў.
— Сьведама Творцы майго ніколі не абразіў я й найменшага сумневу ня меў аб веры. Спадзяюся, што яго міласэрнасьць і заслугі яго найдаражэйшага сына мяне не абмінуць; а цярпеньне маё ўбогае ахвярую табе, о Пане, за маю нешчасьлівую Айчыну.
Гэта былі яго апошнія словы.
[1] Laudum — з лацінскай, у гэтым выпадку — пастанова сойміка.
[2] Тышавецкая канфэдэрацыя — завязалася 29 сьнежня 1655 г. падчас швэдзкага "патопу" ў мястэчку Тышаўцы Люблінскага ваяводзтва, супраць швэдзкага караля караля Густава.
[3] Перакрэскаваў — ад "крэскаваць"— ставіць крэскі, адзначаючы галасы падчас выбараў; значыць: перамог на выбарах.
[4] Канюшы літоўскі — Геранім Радзівіл.
[5] Атэнцыя — шанаваньне.
[6] Кантэрфэкт — партрэт.
[7] Кароль — маецца на ўвазе Аўгуст ІІ Моцны, кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1697—1706, 1709—1733).
[8] Радамская канфэдэрацыя — паўстала 23 чэрвеня 1767 г. у Радаме, у Келецкім ваяводзтве пад кіраўніцтвам К.Радзівіла, В.Жавускага ды іншых магнатаў, якія выступалі супраць рэформаў і за зрынаньне Станіслава Аўгуста, а па падтрымку й гарантыі зьвярнуліся да расейскай царыцы Кацярыны ІІ, што выклікала далейшае ўмяшальніцтва ў справы Рэчы Паспалітай і адкрытую інтэрвэнцыю Масквы.
[9] Барская канфэдэрацыя — збройны чын шляхты Рэчы Паспалітай супраць расейскай інтэрвэнцыі, за незалежнасьць Айчыны і захаваньне традыцыяў "залатой вольнасьці"; створаная ў месьце Бар на Ўкраіне 19 лютага 1768 г.; апошнія баі за Ясну Гуру адбыліся ў жніўні 1772 г.
[10] Scisсo activitatem — чынным голасам (лац.).
Друкаваная версія: «Спадчына». Менск. 1997, № 4.
Тэкст у электронным выглядзе — Стары Троль.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.